Новости проекта
Подписывайтесь на нас ВКонтакте!
Голосование
Нравится ли тебе учиться в нашей школе
Всего 70 человек

Конкурсная программа "Моваведка"

Дата: 29 сентября в 11:41, Обновлено 29 сентября в 11:45

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Сярэдняя школа №15 г.Барані”

Літаратурна-краязнаўчы музей “Аршаншчына літаратурная”

Конкурсна-гульнёвая праграма Моваведка

да Міжнароднага  дню  роднай мовы

Складальнік:  Валетава В.І.,

кіраўнік літаратурнага

музея “Аршаншчына літаратурная”

Барань, 2017

 Мэта:

развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў, абуджэнне цікавасці да беларускай мовы, літаратуры;   вучыць падлеткаў самастойна думаць і разважаць, выказваць уласнае стаўленне да роднага слова; садзейнічаць фарміраванню моўнай культуры, выхаванню высокіх маральных якасцей асобы.


Эпіграфы:

Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі.

                                                                  Ф. Багушэвіч

Сто гадоў шукай другой, 

А тым больш, што свет зусім не вузкі,

Ды калі ты не бязродны сын, 

Гавары са мной па-беларуску.

Я.Янішчыц

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –  

Шэпт дубровы і пчаліны звон, –

Нам цябе ласкава і ашчадна 

Спазнаваць ажно да скону дзён, 

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць цябе на забыццё, 

Наша невычэрпнае багацце, 

Наша несмяротнае жыццё.

                                                       Г.Бураўка

Ход мерапрыемства:

Вядучы:

Добры дзень, сябры!  Запрашаю вас на конкурсна-гульнёвую праграму “Моваведка”, прысвечанаю Міжнароднаму дню роднай мовы. Мы не будзем паўтараць школьную праграму, не будзем рабіць практыкаванні і не будзем вывучаць новыя правілы. Давайце проста бавіць час – прыемна, весела і карысна! Як вы ўжо зразумелі, мы будзем размаўляць па-беларуску. Можа, гэта занадта цяжкое выпрабаванне для вас? А між іншым, беларуская мова лічыцца ў свеце другой па мілагучнасці пасля італьянскай.

Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы – гэты дзень абвешчаны на  30-й сесіі ЮНЭСКА па прапанове Бангладэш (1999).  Сумная гісторыя ў гэтай даты – 21 лютага. У 1952 годзе ў Бангладэш (былы ўсходні Пакістан) прымусова была ўведзена мова ўрду замест роднай мовы бангла. Гэта выклікала пратэст насельніцтва. Падчас хваляванняў пяцёра студэнтаў былі застрэлены паліцыяй. Тыя пяць хлопцаў, што загінулі за сваю мову, сталі нацыянальнымі героямі і пакутнікамі. Цяпер мове бангла знікненне не пагражае.  Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. І мы, беларусы, не выключэнне. Нам у спадчыну засталася ўнікальная мова – жывая і мілагучная, песенная і паэтычная, старажытная і сучасная.

Гучыць песня “Спадчына”.

Вядучы: Кожны з нас – своеасаблівая і непаўторная індывідуальнасць, хоць, здаецца, існуе шмат падобных людзей. І ўсё-такі знешнасць, пастава, манера апранацца ў кожнага свая, тое ж самае можна сказаць пра нашу мову, маўленне. Пагаварыце крыху са мной, і я сёе-тое змагу сказаць пра вас. І, сапраўды, наша слова выяўляе тое, што схавана глыбока ў думках, душы і сэрцы. Сёння мы зноў убачым і адчуем, наколькі багатая, прыгожая, мілагучная, мудрая і самабытная беларуская мова. Гэта адбудзецца ў гульнёвай форме, дзякуючы якой вы здолееце паказаць свае веды і моўную эрудыцыю.

Як вы ўжо зразумелі, мы будзем размаўляць па-беларуску. Можа, гэта занадта цяжкое выпрабаванне для вас? А між іншым, беларуская мова лічыцца ў свеце другой па мілагучнасці пасля італьянскай.

Такім чынам, давайце зробім так, каб наша беларуская мова гучала і ў сценах гэтага класа, і ў нашых сэрцах.

  • Вучні дзеляцца на дзве каманды. 
  • Каманды падбіраюць сабе назвы.

Вядучы: На мае пытанні будзе адказваць кожны член каманды і за правільны адказ атрымліваць манетку (1 капейка). У канцы гульні мы падлічым,  хто з вас колькі заробіў, і тады вызначым лепшага моваведку.

Конкурс 1

Для пачатку давайце успомнім летнія канікулы. Я буду чытаць верш, а вы падказвайце мне заканчэнне радкоў.

Летні поўдзень. Ля ракі

Мы сядзім – два (рыбакі).

Я з ілба сціраю пот,

Вочы жмурыць Васька-(кот).

Мы для плотак, шчупакоў

Накапалі (чарвякоў).

Вудзім рыбу ад відна,

Хоць бы клюнула (адна)!

Вінаваты Васька-кот,

Бо на сонцы грэў (жывот):

Варкатаў ля рэчкі ён

І нагнаў на рыбу (сон).

Конкурс 2

Вось які выпадак можа здарыцца па спякоце. Гэта летам. А ўзімку што бывае? (Мароз, холад).  Добра.

Здаецца, мы ўжо пераходзім да наступнага конкурсу. Я называю вам словы, а вы прыдумайце да іх вызначэнні, напрыклад: леў - смелы,  заяц -  баязлівы. А вось яшчэ: кацяня - маленькае, а тыгр - вялікі. Сапраўды. А зараз я прапаную кожнай камандзе словы, да якіх трэба падабраць адпаведныя прыметнікі.

Заданне:

Папера -

Перац-

Мёд-

Бервяно-

Лужа-

Касуля-

Цэгла-

Парасон-

Хлопчык-

Кашуля-

Вуліца-

Ліпа-

Матуля-

Верабей-

Сабака-

Крот-

Конкурс 3

Ага, здаецца, нейкае слова для вас незразумелае? Цэгла – па-руску “кирпич”. Бачыце, у рускай мове “он мой”, а ў беларускай – цэгла “яна мая”. Давайце дамовімся: я называю словы, і калі вы пазнаеце назоўнік мужчынскага роду – падымаеце правую руку, калі жаночага – левую, калі ніякага роду – абедзве рукі.

Дзень, цень, яблык, сабака, месца, стол, столь, ранак, паляванне, вярба, немаўлятка, сонца, печ, смак, страва, надвор'е, сінь, пяшчота.

                  Конкурс 4

А зараз мы вызначым аматараў беларускага фальклору.

У мяне ёсць два канверты, у якіх знаходзяцца карткі з вядомымі беларускімі прыказкамі. Праўда, нейкі маленькі шкоднік пажартаваў і разрэзаў прыказкі напалам, а пасля яшчэ ўсё пераблытаў. Але, я думаю, для вас гэта не праблема.

Заданне кожнай камандзе: узнавіце прыказкі за тры хвіліны. А іх тут схавана роўна 10. За кожнаю правільную прыказку вы атрымаеце манетку.

1.Са свайго языка спусціш - / на чужым не зловіш.

2.Слухай многа, / а гавары мала.

3.У добрую часіну сказаць, / а ў ліхую памаўчаць.

4.Адною рукою / і вузла не завяжаш.

5.Дзе розумам не дайду, / дык у кніжцы знайду.

6.Новых сяброў нажывай, / але старых не забывай.

7.Ладзь калёсы зімой, / а сані летам.

8.Лепей мець вераб’я ў руцэ, / чым арла на суку.

9.Не раскусіўшы арэх, / зерня не з’ясі.

10.Госць на парог - / гаспадыня за пірог.

Конкурс 5

Ну вось, я бачу, мы ўжо як след падрыхтаваліся да наступнага конкурсу. Сваімі каранямі ён зыходзіць у глыбіню стагоддзяў. Нават нячыстая сіла, перш чым выйсці на двабой з казачгым багатыром, спачатку прапаноўвала яму гэтае выпрабаванне. Хто здагадаецца, что гэта было? Загадкі!

Лёгка з зямлі паднімаеш,

А далей сваёй рукі не кінеш.(Птушынае пяро)

                    Без сякеры і цвікоў

Збудавалі круглы дом. (Гняздо)

Сам без ног,

Малы,

Пузаты,

А такі скакун заўзяты!(Мяч)

Я трымаў спачатку клін,

Разгарнуў – зрабіў сяблін.

Хлынуў дождж, цурчыць вада -

А мне з блінам не бяда. (Парасон)

Туды рог, сюды рог,

Пасярод – нібы парог,

А сама напхана пухам,

І ў мяне ляжыць пад вухам. (Падушка)

Ляціць без крыл па сто міль (Вецер).

Дзве жнейкі цераз мяжу жнуць, адна другой не бачаць (Вочы).

Маленька-крывенька, а ўсё поле зваюе (Серп)

Конкурс 6

Што, даражэнькія мае, спадабалася? Вы самі на свае вочы заўважылі, якімі сакавітымі, трапнымі, дасціпнымі словамі карыстаўся беларусы пры састаўленні гэтых загадак.

Конкурс 7

Ля шашы мурашы

Адшукалі грошык,

І за грошык вожык

Даў адзін ім кошык.

Давайце падлічым і мы нашыя грошыкі. Хто з вас самы багаты? Ды і на грошы і на веды? Вось два лепшых моваведкі з каманд атрымліваюць заданні.

На гэтых аркушах напісан беларускі верш, толькі, на жаль, словы ў ім пераблыталіся. За працу, моваведкі! Напішыце, будзьце ласкавы, гэты верш як мае быць.

Заданне: Правільны адказ

Свой родны край, сваёй зямлі.

Люблю Радзіму дарагую,

Бо я ніколі не забуду,

Лясы, прасторы і палі.

І ласку матчыну з калыскі

З маленства сэрцам я адчуў.

Цудоўных песень шмат пачуў,

Я тут убачыў шмат дзівосаў,

Люблю Радзіму дарагую,

Лясы, прасторы і палі.

Бо я ніколі не забуду,

Свой родны край, сваёй зямлі.

Я тут убачыў шмат дзівосаў,

Цудоўных песень шмат пачуў,

І ласку матчыну з калыскі

З маленства сэрцам я адчуў.

Конкурс 8

А зараз, калі ласка, хай каманды выправяць па чатыры самых артыстычных моваведкі. Я прапаную кожнай групе вершык, які яны павінны будуць інсцэніраваць.

Група 1.

Камарыкі мак таўкуць –

Булак з макам напякуць.

Пойдзем на прагулачку –

Атрымаем булачку.

          Група 2.

Вераб'іха з вераб'ямі

Градкі ўспушваюць граблямі.

Вераб'яты

Сеюць зярняты.

А пакуль нашы моваведкі і артысты рыхтуюццца, мы з вамі разам напішам апавяданне. Не хвалюйцеся, пісаць буду я, вы толькі падкажаце мне, калі ласка, некалькі прыметнікаў – любых: зялёны, круглы, вільготны, сумны, салодкі, карацей, што ў галаву зойдзе.

Апавяданне

Адзвінела _______________лета. Прабеглі _____________канікулы, напоўненыя _________сонцам і _____________дзянькамі. Наступіў _________ верасень. Прыйшла ___________ пара _____________ званкоў і ______________урокаў. _____________ ранкам _________________дзеці з __________________букетамі кветак рушылі ў _______________класы. Там іх сустрэлі _____________ настаўнікі з _____________расповядамі аб _________________навакольным свеце. Пачаліся ___________урокі ________________матэматыкі, ___________гісторыі, _____________працы і, канешне, _____________рускай і беларускай мовы. _________________вучні з _______________цікаўнасцю атрымліваюць ______________веды. Жадаю вам ___________поспехаў!

Вось што ў нас атрымалася.

А цяпер давайце паглядзім, якія інсцэніроўкі падрыхтавалі нашы каманды.

Журы падводзіць вынікі.

Вядучы:  Нашы  бацькі, дзяды і прадзеды нямала  зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная роўнай сярод іншых моў свету. 

Жадаю вам, мілыя дзеці, заўсёдна

Любімаю мовай валодаць свабодна.

І каб па жыцці вам ішлося лягчэй,

Вы мову народа вучыце хутчэй.

Вы ўсе ў віктарыне цяпер шчыравалі,

І кожнае слова сваё шанавалі.

Прызы  атрымайце за веданне мовы.

Любіце душэўнае роднае слова!

І мне толькі застаецца павіншаваць пераможцаў і падараваць ім вельмі цэнныя прызы (цукеркі).

Вялікі дзякуй за ўдзел! Спадзяюся, што гэта гульня прабудзіла ў вас цікаўнасць да роднай мовы, і надалей вы будзеце адносіцца да яе з большай павагай. Да пабачэння, сябры!

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.